ВЕРСИЯ ДЛЯ СЛАБОВИДЯЩИХ Министерство образования Республики Беларусь
Отдел по образованию администрации Октябрьского района г.Могилева

Государственное учреждение образования
"Средняя школа № 13 г.Могилева"

Творчество наших земляков

ЛЕГЕНДА ПРА ПАСЁЛАК ГРАБЯНЁВА

 

Ніна Клімаўцова

 

Там, дзе лес-чараўнік пышнай коўдрай ляжыць,

Дзе бруіцца Дняпро сіняй хваляй,

Дзе бярозавы гай дзіўнай песняй гучыць,

Слепяць вочы блакітныя далі,

 

Дзе палі каласяцца густой збажыной

І шумяць шапатліваю мовай,

Дзе два возеры звязаны думкай адной –

Там радзіма мая - Грабянёва.

 

Людзі баюць, што многа стагоддзяў назад

Была рэчка на месцы тым дзіўным.

Вольны час свой правесці там кожны быў рад,

Рыбакі безліч рыбы лавілі.

 

Раз закінулі хлопцы ў ваду свае вуды,

Каб злавіць шчупакоў на світанні,

І зрабілася нешта, падобнае цуду.

Аб тым доўга хадзіла паданне...

 

Як жывая, вада паднялася ўгору,

Забурліла так гучна і шпарка...

І з ракі, быццам з шумнага пеннага мора,

Павыходзілі дзевы-русалкі.

 

Хлопцам вочы сваім хараством асляпілі,

Сэрцы вырвалі нават з карэннем,

Дзіўнай песняю розум уміг замуцілі

І ў вір пахаваліся пенны.

Доўга хлопцы блукалі ля ціхай вадзіцы –

Усё чакалі каханых русалак.

Але цуду не суджана зноў было збыцца...

Так мінаў за світанкам світанак.

 

Не змаглі юнакі адцурацца ад мары

І з надзеяй сваёй развітацца.

Не марнуючы часу, у гэтых абшарах

Усе разам рашылі застацца.

 

А каб лепей было назіраць за ракою,

Збудавалі хаціны на ўзвышшы.

Не ўцякалі ад спраў, не шукалі спакою

Рукі ўмелыя хлопцаў увішных.

 

Праляцелі гады, дзецюкі пасталелі –

Сіл не стала за ценем ганяцца.

Хоць і цяжка было, але ўсё ж зразумелі:

Трэба з марай навек развітацца.

 

Расхілілі душу для пачуццяў зямных

І каханне, і радасць спазналі.

Аб русалках застаўся адзін толькі слых –

Так калісьці ў народзе казалі.

 

Папрывозілі жонак з суседніх сяліб,

З цягам часу радзіліся дзеці...

Пачалі каласіцца ўвосень раллі

І сады патанаць у суквеццях.

 

Пацягнуліся людзі да гэтых мясцін,

Сем’і землі пустыя займалі,

Больш і больш на гары ўзнікала хацін,

Пышнай коўдрай лясы вырасталі.

 

Промень радасці ў гэту мясціну пранік,

Таму сведкі – іскрыстыя хвалі.

А пасёлак, што быццам на грэбні ўзнік,

Жыхары Грабянёвам назвалі.

 

ЛЕГЕНДА ПРА ГРАБЯНЁВА

Ксенія Паддубская

Куточак мой калісьці быў пустэльным:

Вакол лясы, азёры і лугі;

Палі ляжалі дываном суцэльным,

Дняпро вадою лашчыў берагі.

 

Сюды цягнулісь рыбакі гурбою,

Бо рыбы ў чыстай рэчцы было шмат.

Заседжваліся дацямна парою:

Вяртацца было позна ўжо да хат.

 

Аднойчы хлопцы разам задрамалі

І апынуліся ў чароўным сне:

Прыгожыя русалкі іх віталі,

Навокал чуцен быў крыштальны смех.

 

На незнаёмак хлопцы паглядзелі

І позірку адвесці не змаглі...

Прачнуўшыся, ужо не захацелі

Пакінуць гэта месца на зямлі.

 

Бо ў сэрцах хлопцаў полымя гарэла,

У вушах штодзень русалчын смех звінеў,

Душу каханне і надзея грэла,

Ласкавы позірк промнем зіхацеў.

 

І днём, і ноччу сумныя хадзілі,

Глядзелі на празрыстую раку

З надзеяй убачыць тых, каго саснілі,

І ўхапіць каханне за руку.

 

Але праходзіў дзень за днём дарэмна:

Русалак дарагіх згубіўся след.

Жыццё пустым здалося і няпэўным,

Бескаляровым здаўся белы свет.

 

Хацелі хлопцы ўжо дамоў падацца,

Толькі душа як быццам прыкіпела

І не магла з тым месцам развітацца,

У якім хвіліны радасці сустрэла.

 

І вырашылі рыбакi застацца

І з чыстага ліста жыццё пачаць.

А каб вясной з вадой не сустракацца,

Жыллё на ўзвышшы сталі будаваць.

Прайшлі гады – загоіліся раны,

I хлопцы свае сем'і завялі...

Пасёлак, што на грэбні заснаваны,

Даўно заняў вакольныя палі.

 

Як і раней, тут спеў птушыны льецца,

Гамоніць лес сваёй таемнай мовай.

І з вуснаў у вусны тут перадаецца

Легенда пра пасёлак Грабянёва.


 

ДУХI МАЙГО ПАСЁЛКА

Ніна Клімаўцова

 

 

Мой пасёлак Грабянёва,

Што на ўскрайку Магiлёва,

Таямнiчасцю чаруе,

Вабiць, цягне i хвалюе,

 

Ён акружаны лясамi,

Сакавiтымi лугамi.

Побач – рэчка i азёры,

У якiх глядзяцца зоры…

 

Усцяж – балоты i тарфянiк,

Паплавы i стогны чаек.

I палi ў духмяных кветках,

I пасевы на палетках…

 

Светлым днём пад зыкi-гукi

Спяць тут казачныя духi.

Ноч як толькi наступае –

Царства духаў ажывае…

 

Хатнiк – сябра кожнай хаты,

Ён найлепшы памагаты.

Па жытлу начамi крочыць,

За парадкам пiльна сочыць.

Людзей дрэнных ён пужае,

Употай рэчы iх хавае.

А сустрэцца з iм не проста,

Бо маленькага ён росту.

 

На гарышчы Хут жыве,

Ён багацце ў дом нясе

I з жывёламi жартуе.

Толькi вось галодны – злуе.

Хочаш жыць у дастатку вечным –

Хута накармi яечняй!

 

Ля каровак, нiбы пан,

У хляве жыве Баган.

Завiхаецца заўзята

Апякун жывёл рагатых:

Гладзiць iх i кормiць сенам,

Лечыць ад хвароб умела.

Яго трэба задаволiць,

А iнакш пачне сваволiць:

Па хляву кароў ганяць,

Вушы ў цялят кусаць.

У стайнi тоiцца Вазiла,

Незвычайная ў iм сiла.

Ён для коней – чарадзей:

Гонiць прэч ад iх звярэй,

Небяспеку забяспечыць,

Ад любой хваробы лечыць.

 

Сумнай песняй залiлася

У пустых палях Паляся,

Бо няма занятку ёй,

Гаспадынi палявой.

Хутка птушкi прыляцяць –

Будзе каго вартаваць.

 

Гаспадар азёр i рэчак –

Вадзянiк, без усякiх спрэчак.

Па начах дзядок сваволiць:

Смельчакоў за ногi ловiць,

Па вадзе рукамi лупiць,

Дно штосiлы каламуцiць.

 

Багнiк дыхае ў балоце,

Бурбалкi пускае ў роце.

Каб не зведаць шмат бяды,

Ты не збоч свой шлях туды!

 

Жэўжык, смелы абаронца,

Пад вадой жыве на сонцы.

Ноччу над вадой жыве,

Бы на лодачцы плыве.

Каго Жэўжык уратуе,

Таму моцна пашанцуе.

 

Распускае сеткi чар

Лясун – лесу гаспадар.

Зменлiвы, як чарадзей,

Можа ашукаць людзей,

Зблытаць усе шляхi-дарогi

I давесцi да знямогi.

Лясун лес аберагае,

За злачынствы так карае.

 

Да таго, хто ўсiм зайздросцiць,

Злыднi завiтаюць у госцi.

Наляцяць тайком, тады

Не пазбавiшся бяды:

 

Малако вадой разбавяць,

Кашу ўсю пяском прыправяць,

Яйкi знойдуць у гняздзе…

Прыйдуць Злыднi – быць бядзе!..

 

Светлым днём пад зыкi-гукi

Спяць тут казачныя духi.

Ноч як толькi наступае –

Царства духаў ажывае…

Опубликованно 27.03.2021 г.

© Государственное учреждение образования "Средняя школа № 13 г. Могилева", 2025

Почтовый адрес: 212021 г. Могилев, ул. Алтайская, д. 26
E-mail: mogilev_school13@octroomog.by
(Данный электронный адрес не используется для направления электронных обращений граждан и юридических лиц. Реализовать данную возможность можно через единую (интегрированную) републиканскую информационнную систему учёта и обработки обращений граждан и юридических лиц https://обращения.бел)
Тел/факс: +375(222)70-04-95
Государственный регистр информационных ресурсов Республики Беларусь свидетельство №7141102280 от 23.09.2011 г.